КАЛЯДУ СУСТРЭНЕМ РАЗАМ
Зіма — гэта час цудаў і самых светлых святаў, адным з якіх з’яўляюцца Каляды. Каб пазнаёміць выхаванцаў з вытокамі беларускай культуры і падарыць ім радасць зімовага чараўніцтва, у Крынічанскім дзіцячым садзе прайшло музычнае мерапрыемства «Каляду сустрэнем разам».
Музычная зала садка на час ператварылася ў сапраўдную беларускую хату, дзе панавала атмасфера гасціннасці і весялосці. Дзеці удзельнічалі ў старадаўніх абрадах: спявалі традыцыйныя калядкі, жадалі ўсім дабрабыту і здароўя, вадзілі карагоды. Галоўнымі героямі свята сталі вясёлыя калядоўшчыкі. Не абышлося і без традыцыйнай Казы — сімвала ўраджаю і поспеху, якая весяліла малых сваімі жартамі і танцамі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем гулялі ў народныя гульні, адгадвалі загадкі і вучыліся шанаваць спадчыну. Свята «Каляду сустрэнем разам» пакінула ў душах выхаванцаў і педагогаў цёплы светлы след, нагадаўшы ўсім нашы прыгожыя традыцыі.